Навіны

На галоўную

Збяром у садок і школу дзяцей палітвязняў!

Хуткая Гуманітарная Дапамога абʼяўляе пра адкрыццё традыцыйнага збору для дзяцей палітвязняў «ЗБЯРОМ ДЗІЦЯ Ў ШКОЛУ». Сёлета акцыя праходзіць для дзяцей школьнага і дашкольнага ўзросту.

Сябры і сяброўкі, Хуткая Гуманітарная Дапамога абʼяўляе пра адкрыццё традыцыйнага збору для дзяцей палітвязняў «ЗБЯРОМ ДЗІЦЯ Ў ШКОЛУ». Сёлета акцыя праходзіць для дзяцей школьнага і дашкольнага ўзросту (ад 2 да 17 гадоў уключна).

Многія семʼі палітвязняў адчуваюць фінансавыя цяжкасці: адзін з бацькоў або абодва знаходзяцца ў зняволенні і не могуць забяспечваць сваіх родных на волі. Некаторыя семʼі палітвязняў па іх вызваленні выехалі за мяжу і там маюць цяжкасці з адаптацыяй. Наша дапамога ў падрыхтоўцы дзяцей да садка і школы палегчыць фінансавы цяжар для іх семʼяў.

Традыцыйны збор сродкаў для дзяцей палітвязняў арганізаваны Службай «Хуткай гуманітарнай дапамогі», а таксама партнёрамі: Асацыяцыяй беларускага бізнесу за мяжой і Асацыяцыяй беларусаў Амерыкі.

Мы заклікаем быць салідарнымі і ўзяць удзел усіх ахвотных. Галоўная ўмова – асабістая бяспека, таму ахвяруйце сродкі на гэты збор толькі ў тым выпадку, калі вы знаходзіцеся па-за межамі Беларусі.

Звярнуцца па дапамогу, каб сабраць дзяцей, могуць члены семʼяў палітвязняў, у якіх ёсць дзеці дашкольнага ўзросту, школьнікі 1-11 класаў, а хтосьці з бацькоў (або абодва) знаходзяцца або знаходзіліся ў зняволенні.

Мы прапануем выплату ў памеры 100 еўра на кожнае дзіцё. Каб атрымаць дапамогу, трэба запоўніць заяўку да 31 жніўня 2024 года. Звяртаем вашу ўвагу, што па сканчэнні тэрміну падачы заявак форма будзе недаступная.

Калі вы хвалюецеся за вашую бяспеку, то можаце звярнуцца ў любую з арганізацый праз Telegram «Службы хуткай гуманітарнай дапамогі».

Мы абавязкова звяжамся з вамі і ўдакладнім неабходную інфармацыю.

Па выніках папярэдняга «Дзіцячага збору», у распараджэнні службы «Хуткай гуманітарнай дапамогі» засталося 6842 еўра. Гэтыя грошы мы скіруем на акцыю «ЗБЯРОМ ДЗІЦЯ Ў ШКОЛУ». 

Збяром у садок і школу дзяцей палітвязняў!