Навіны

На галоўную

Каб дзеці акрыялі ад душэўных ран

Мы арганізоўваем гэты летнік у Польшчы, бо хочам дапамагчы беларускім і ўкраінскім дзецям акрыяць ад душэўных ран, дапамагчы ім адаптавацца і інтэгравацца ў польскае кам’юніці.

Дзеля гэтага ладзіцца летнік для падлеткаў, чые бацькі пацярпелі ад рэпрэсій і вайны. І вы можаце зрабіць свой унёсак у гэтую справу

«Дзеці пераносяць эміграцыю цяжэй, чым дарослыя»

— Вымушаная эміграцыя —  гэта вялікі стрэс, не кожны дарослы можа справіцца з яе выклікамі. Што ўжо казаць пра дзяцей, — гаворыць саарганізатарка Службы «Хуткай гуманітарнай дапамогі», кiраўнік фонду “Краіна для Жыцця” Вольга Зазулінская. 

Мы арганізоўваем гэты летнік у Польшчы, бо хочам дапамагчы беларускім і ўкраінскім дзецям акрыяць ад душэўных ран, дапамагчы ім адаптавацца і інтэгравацца ў польскае кам’юніці».

Плануецца запрасіць 30 дзяцей: 10 беларускіх, 10 украінскіх і 10 польскіх. З беларускага боку гэта дзеці палітвязняў, з украінскага — дзеці тых, хто загінуў на фронце або працягвае ваяваць. «А польскіх падлеткаў мы вырашылі запрасіць, каб яны дапамаглі нашым разняволіцца праз знаёмства з польскай культурай, польскай супольнасцю – не на дарослым, а на сваім, дзіцячым узроўні».

Падвойная траўма

– Дзеці беларускіх палітвязняў шмат чаго перажылі, яны траўмаваныя і падзеямі ў Беларусі, і выклікамі незапланаванай эміграцыі, – кажа Вольга Зазулінская. – Многія з іх сталі сведкамі арышту бацькоў, жорсткага з імі абыходжання, ператрусаў. Дзецям цяжка гэта перажыць, бо яны не ўмеюць абараняцца.
У новай краіне, на новым месцы ўзнікаюць новыя праблемы: часта гэта непрыманне нашых дзяцей у польскае кам’юніці. Таму перыяд адаптацыі для траўмаваных дзяцей вельмі доўгі. Дзеці беларускіх палітвязняў траўмаваныя двойчы.

Тое самае тычыцца і ўкраінскіх дзяцей, якія перажылі жахі вайны і эміграцыю. І цяжка бачыць, як гэтыя двойчы траўмаваныя дзеці ваююць яшчэ і між сабой.

“Ёсць і булінг у навучальных установах, і, на жаль, сутычкі з украінскімі дзецьмі на глебе палітыкі, - расказывае Ганна Канавалава, дачка і зяць якой зараз знаходзяцца ў Беларусі за кратамі, а яна сама гадуе ўнукаў у Польшчы. "Прычым, чым дзіця  старэйшае, тым цяжэй яму з адаптацыяй. Бачу гэта па сваіх: унучка эміграцыю пераносіць даволі нармальна, а ўнуку, які старэйшаму, нашмат цяжэй."

«Важна, каб дзеці пасябравалі»

— На жаль, і беларускія, і ўкраінскія дзеці сутыкаюцца і з булінгам, і з прыгнётам з нацыянальнай прыкметы час ад часу, усялякае бывае, — працягвае суразмоўца. — Ёсць выпадкі і не вельмі добразычлівага стаўлення да беларускіх дзяцей з боку ўкраінскіх. Але гэта не віна апошніх: яны ўсяго толькі дзеці і счытваюць тое, што транслюць дарослыя. Таму вельмі важна, каб нашыя дзеці пасябравалі. І тыя, і тыя —  ахвяры палітыкі дыктатараў [Лукашэнка і Пуцін]. Гэтае мерапрыемства мусіць паказаць, што мы не ворагі адно аднаму, мы мусім працягваць руку дапамогі адно аднаму.

Зараз мы шукаем фінансаванне на летнік: частку грошай ўжо знайші, а на астатнюю суму аб’явілі збор і вельмі спадзяемся, што ён будзе паспяховым.

– Асабліва цяжка адаптавацца за мяжой падлеткам ад 12 да 15 гадоў. Бацькі вельмі занятыя сваімі праблемамі, уладкаваннем на новым месцы, а падлеткі фактычна прадстаўленыя самі сабе, – дзеліцца досведам адна з каардынатарак праекту, псіхолаг, педагог, кіраўніца фонду “Zachód Wschód Wsparcie” Вольга Сцяпанава. – Мэта летніку – інтэграваць дзяцей, што вымушана трапілі ў Польшчу, у тутэйшае асяроддзе, дапамагчы ім з адаптацыяй.

Мы вырашылі запрасіць у летнік і польскіх падлеткаў, каб паказаць, што ўсе нашыя тры культуры – польская, беларуская і ўкраінская – вельмі падобныя, і што нас шмат што аб’ядноўвае, а не наадварот. Многім дзецям патрэбная і прафесійныя псіхалагічная падтрымка, таму ў летніку з імі будуць працаваць псіхолагі. Адна з украінскіх дзяўчынак, якую мы плануем запрасіць, увогуле сірата, ейныя тата і мама загінулі, у Польшчы яна жыве з бабуляй.

Мы хочам, каб да летніку таксама далучыліся украінскія дзеці з польскага дзіцячага дома. Гэта яшчэ адна праблема: у дзіцячыя дамы масава трапляюць украінскія дзеці, што засталіся ў Польшчы без бацькоў. У аднаго ўкраінскага хлопчыка мама памерла, а тату мы не можам знайсці, ён недзе ва Украіне. У Польшчы хлопчык трапіў  ў дзіцячы дом, ён мае цяжкасці з маўленнем. І калі такія траўмаваныя дзеці будуць кругласутачна знаходзіцца са спецыялістамі і іншымі дзецьмі, у лёгкай, нязмушанай абстаноўцы, гэта дапаможа ім акрыяць.

З майго пункту гледжання як педагога і псіхолага, такія інтэграцыйныя мерапрыемствы спрыяюць псіхалагічнай падтрымцы дзяцей і даюць ім магчымасць асэнсаваць сябе, навучыцца камунікаваць са сваімі равеснікамі, у тым ліку з польскімі дзецьмі.

Паўдзельнічаць у зборы на летнік можна тут.

Каб дзеці акрыялі ад душэўных ран